Перевести страницу

Статьи

Подписаться на RSS

Популярные теги Все теги

25 лістапада – 30 гадоў з дня ўтварэння раённага краязнаўчага музея

Думка аб стварэнні музея ў г. Хойнікі з’явілася ў 1981 годзе, тады кіраўніцтвам раёна і было прынята рашэнне аб яго адкрыцці. Пад памяшканне выдзялілі кантору спажывецкага таварыства па вул. Савецкай. З 25 лістапада 1982 года раённы краязнаўчы музей пачаў сваю работу.


Больш за дзесяць год яго дзейнасць падтрымліваў на грамадскіх пачатках энтузіяст, ветэран вайны і працы Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі.


З-за адсутнасці ацяплення і абмежаванняў у папаўненні фондаў у 1992 годзе прайшла рээкспазіцыя: музей змяніў адрас і «прапісаўся» ў былым будынку банка, што знаходзіўся насупраць цяперашняй Дзяржаўтаінспекцыі. Праз год, у 1993-м, зацверджаны першыя штатныя адзінкі, сярод якіх і наступны дырэктар музея? Міхаіл Савельевіч Скрыпчанка. Ён пачынаў тут навуковым супрацоўнікам, а з 1996-га па 2008 узначальваў яго.


Кіравалі краязнаўчым музеем таксама Святлана Алегаўна Шыпілава і Вольга Міхайлаўна Гушча. Цяпер яго ўзначальвае Валерый Уладзіміравіч Маслак.


У гонар Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе новым домам для раённага краязнаўчага музея стала панская сядзіба Аўраамавых у гарадскім парку. Больш за паўтары тысячы экспанатаў музейнага фонду аберагаюць і вывучаюць галоўны захавальнік фондаў А.Ю. Эсауленка, навуковыя супрацоўнікі В.А. Гацко, М.А. Сачанка, А.П. Паўлючэнка, В.І. Радзюк, экскурсавод К.В. Каржанеўская, наглядчыкі В.А. Шруб, Н.І. Аніскавец, М.М. Шчокіна. Працуюць тэхнічныя работнікі І.А. Ахрэмчык, І.М. Шасцярык, Я.В. Слушны і гардэробшчыца С.М. Шлёг.


Многія гады каштоўнымі экспанатамі фонды папаўняюць жыхары Хойнікшчыны. Такія, напрыклад, як Валянціна Мікалаеўна Бордак і Ігар Мікалаевіч Сабадаш.


Прыгожа аформлены залы музея. Тут вы ўбачыце артэфакты далёкай мінуўшчыны, пазнаёміцеся з жывёльным і раслінным светам, сялянскім побытам, ваеннымі падзеямі, вядомымі землякамі і многім іншым. У гэтым годзе ў музеі адкрылі новую залу, экспанаты якой прысвечаны трагічнай старонцы жыцця Хойнікшчыны ў выніку аварыі на ЧАЭС.


Гэта ўсё лепш убачыць самім. Прыходзьце, калі ласка.


Алеся ЯЧЫЧЭНКА

Адрес в интернете: http://www.hoiniki.by/2012/11/25-listapada-30-gadou-z-dnya-utvarennya-muzeya/

Наведвайце краязнаўчы музей

5 верасня пасля рэканструкцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё комплексу “Сядзібны дом”. Цяпер тут, у адным з самых прыгожых будынкаў горада, размяшчаецца раённы краязнаўчы музей – каштоўная гістарычная скарбніца багатага на культурныя традыцыі Хойніцкага краю. Змяніўшы прапіску, музей набыў другое жыццё, стаў прасторным і па-свойму унікальным, і зараз з’яўляецца своеасаблівай візіткай раёна. З дня адкрыцця яго наведала каля тысячы чалавек, у тым ліку госці з блізкага і далёкага замежжа.


Значна павялічылася не толькі экспазіцыйная плошча, але і колькасць экспанатаў. Цікавыя рарытэтныя рэчы – пуцяводныя ніці па мінулым Хойнікшчыны – размясціліся ў сучасных вітрынах і на выставачных подыумах.


Шматвекавая гісторыя і слаўныя традыцыі раёна на высокім прафесійным, мастацкім і эстэтычным узроўнях прадстаўлены ў экспазіцыях пяці з сямі залаў музея. Унікальную частку фонду складаюць калекцыі тканіны і народных касцюмаў, прадметаў сялянскага быту, нумізматыкі, зброі, фотаздымкаў, дакументаў, прадметаў матэрыяльнай культуры, чучалы жывёл, асабістыя рэчы знакамітых землякоў. Знаёмства з экспазіцыямі прыносіць у душу ні з чым не параўнальныя пачуцці, сапраўднае свята адкрыцця. Упэўніцеся ў гэтым, наведаўшы раённы краязнаўчы музей – цудоўны куфар з назапашанымі гістарычнымі і культурнымі скарбамі.


Зала № 1. Гісторыя сядзібы і яе ўладальнікаў

Прыадчыняем гістарычную заслону і трапляем у ХVІІІ ст. Гэты перыяд часу звязаны з іменем Караля Прозара, аднаго з уладальнікаў сядзібнага дома, у якім зараз размешчаны музей. Прозары з’явіліся на Хойнікшчыне ў 1782 годзе. Бацька Караля Юзэф Прозар, віцебскі ваявода, удавец ажаніўся з княгіняй Марыянай Шуйскай з роду Халецкіх, удавой Адама Шуйскага, старасты Загальскага. Караль, які жыў да таго ў маёнтку бацькі, перасяліўся ў Хойнікі і сустрэў тут юную Людвіку, дачку Марыяны Шуйскай. Хутка згулялі вяселле. Аб іх насычаным рознымі падзеямі сумесным жыцці вы зможаце даведацца з тэматычных вітрын першай залы. Больш глыбока акунуцца ў тую эпоху, адчуць яе непаўторны каларыт дазваляюць фрагменты тагачаснай сядзібы, посуд, адзенне. Асаблівую цікавасць выклікае паданне пра буталь з пергаментам і манетамі, якія Караль паклаў у грабніцу сваёй жонкі. Гэта гісторыя знайшла адлюстраванне ў малюнках і фотаздымках.

На жаль, нашчадкі Караля не змаглі ўтрымаць у сваіх руках маёнтак. Апошні ўладальнік Канстанцін Прозар, праўнук Караля, вёў разгульны лад жыцця.

У 1882 годзе Канстанцін прадае маёнтак у Хойнаках арлоўскім купцам Аўраамавым і Курындзіну. Будаўніцтва новага дома замест старога Прозараўскага пачаў старэйшы з Аўраамавых Міхаіл. Не дабудаваўшы, ён памёр у 1910 годзе, а заканчваў сядзібу ўжо яго сын Андрэй. Сядзібны дом, якому прысвечана асобная вітрына, быў пабудаваны ў 1912 годзе. Тады ж былі пасаджаны дрэвы ў парку і закладзены падмурак басейна для фантана. У музеі захавана плітка з адбіткам аўтара, якая была ў будынку да рэстаўрацыі, і ўзор паркетнай дошкі.

Перагортваем старонку гісторыі роднага краю і трапляем у ХІХ ст. Архітэктурным помнікам у Рудакове і Барысаўшчыне прысвечаны наступныя вітрыны залы. Прадстаўленыя там экспанаты, у тым ліку будаўнічыя матэрыялы, ажыўляюць мінулае, дазваляючы наведвальнікам падарожнічаць па ім.


Зала № 2. Прырода краю

Экспазіцыя другой залы дазваляе атрымаць цэласнае ўяўленне аб прыродных скарбах нашага непаўторнага краю. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў тут прыцягваюць чучалы жывёл і птушак. Зубр, казуля, дзікі, цецярукі, глушэц, каршун прадстаўляюць жывёльны свет ва ўсёй яго прыгажосці. Асобнае месца выдзелена насельнікам рэк, азёр і балот.

Вялікая ўвага ў экспазіцыі нададзена гербарыям і апісанню лекавых уласцівасцей карысных раслін.

Зала № 3. Этнаграфія

Шчыры інтарэс у трэцяй зале ў наведвальнікаў выклікаюць арыгінальныя матэрыялы археалагічных раскопак на тэрыторыі раёна: рэшткі буйных жывёл, асколкі разнастайных крэмніевых, керамічных і металічных вырабаў, упрыгожванні, першабытныя прылады працы.

Праходзячы па зале, заўважаеш, як ад адной вітрыны да другой, а яны размяшчаюцца ў часовой храналагічнай паслядоўнасці, паляпшалася матэрыяльная культура, удасканальвалася гаспадарчая дзейнасць людзей, якія насялялі тэрыторыю раёна.

Тут таксама прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць побыт, жытло, працу сялян канца ХІХ ст. -пачатку ХХ ст. Гэту экспазіцыю можна пракаменціраваць словамі М. Горкага: “Асноватворцамі мастацтва былі ганчары, кавалі і златакавалі, ткачыхі і ткачы, муляры, цесляры, рэзчыкі (па дрэву і косці), збройнікі, маляры, краўцы, швачкі і наогул – рамеснікі, людзі, чые артыстычна зробленыя рэчы, радуючы нашы вочы, напаўняюць музеі”. Шматлікія экспанаты: ткацкі станок, церніца, прасніца з ільняной кудзеляй, сукала, грэбні драўляныя і металічныя, матавіла, самапрадка і шмат іншых рэчаў дэманструюць нам разнастайнасць рамёстваў і промыслаў, распаўсюджаных у даўнія часы сярод жыхароў Хойнікшчыны. У вітрынах адзенне сялян – жаночыя сарочкі, вышытыя беларускім арнаментам, ручнікі, посцілкі, вытканыя каляровымі ніткамі і вышытыя ўручную. Тут жа сабраны рэчы хатняга ўжытку: маслабойка, качалкі для прасавання бялізны, ухват, гліняныя збаны для малака, падоўжная піла, лапата для выпечкі хлеба, жорны для размолу зерня на муку, снасць для пад’ёму вулляў на высокія дрэвы. І што адметна – кожная прылада перадае наведвальнікам асаблівую станоўчую энергетыку.

Зала № 4. Край у гады Вялікай Айчыннай вайны

Экспазіцыя чацвёртай залы прадстаўляе шматгранную панараму жыцця краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па абавязку і сумленню ўвесь народ нашай краіны падняўся на вайну супраць фашысцкіх захопнікаў.
У вітрынах экспануюцца экземпляры зброі – гільзы ад снарадаў і патроны, міны розных калібраў, гранаты, супрацьтанкавая сістэма Дзегцярова, ручны кулямёт. Акрамя таго, тут сабраны ваенныя трафеі, здабытыя ў баях, узнагароды, асабістыя рэчы салдат, рэпрадуктар, нямецкі компас, ліхтарык, франтавыя лісты, дакументальныя фотаздымкі.

Асабліва значныя вітрыны з тымі экспанатамі, што аддаюць даніну памяці людзям, якія ахвяравалі сваім жыццём у імя свабоды і незалежнасці Радзімы, загінулі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Мы не забываем і тых, хто прайшоў праз усе жахі вайны, вярнуўся дадому і дапамагаў аднаўляць родны край пасля разбурэнняў, – нашых ветэранаў.

Зала № 5. Сучасная гісторыя раёна

У пятай зале размешчана некалькі рознатэматычных экспазіцый. Пры дапамозе унікальных экспанатаў адлюстраваны час стваральнай працы па аднаўленню гаспадаркі. Тут фотаздымкі людзей, якія не толькі адолелі ў цяжкім паядынку магутнага ворага, але і здзейснілі яшчэ адзін подзвіг – працоўны.

Аформлена вітрына, прысвечаная афганскай вайне і яе ўдзельнікам. Сем хайнічан з той вайны вярнуліся дамоў у цынкавых трунах. Іх імёны назаўсёды застануцца ў гісторыі Хойнікшчыны, у нашых сэрцах.
Чорным крылом у 1986 годзе апусцілася чарнобыльская бяда на хойніцкую зямлю. Рэха катастрофы адгукаецца ў экспанатах дзвюх вітрын.

Матэрыялы наступных стэлажоў знаёмяць са знакамітымі людзьмі, якія выраслі на нашай, хойніцкай зямлі. Сярод ураджэнцаў раёна нямала дзеячаў навукі, культуры. Асобныя вітрыны прысвечаны беларускаму празаіку, паэту, драматургу, публіцысту, народнаму пісьменніку Беларусі Івану Паўлавічу Мележу, паэтам А.І. Канапелька, М.М. Мятліцкаму, празаіку Б.І. Сачанку. Вялікую цікавасць прадстаўляюць іх творы і асабістыя рэчы.

Апошнія вітрыны залы знаёмяць з працоўнымі дасягненнямі сучаснасці. Прадукцыя вядучых прадпрыемстваў і арганізацый раёна апавядае наведвальнікам аб прафесійных вышынях хайнічан.

Зала № 6. Мастацкая гасціная

Гэта сапраўдны рай для аматараў мастацтва, месца, дзе адпачываеш душой. Напярэдадні адкрыцця музея ў нашым раёне на працягу трох тыдняў пад старшынствам старшыні Гомельскага саюза мастакоў Роберта Ландарскага праходзіў плэнер беларускіх, расійскіх, украінскіх мастакоў. Усе творы, напісаныя ў той час мастакамі, а гэта 24 работы, былі падораны краязнаўчаму музею.

Зала № 7. Для зменных экспазіцый

Адзіная размешчаная на другім паверсе сядзібнага дома зала – для зменных экспазіцый. Зараз тут праходзіць этнаграфічная выстаўка “Буслы”, на якой прадстаўлены экспанаты з Веткаўскага музея народнай творчасці, а таксама старажытныя іконы Палаца-паркавага ансамбля г. Гомеля.


Наталля ЧЭКАН

Адрес в интернете: http://www.hoiniki.by/2010/09/navedvajce-krayaznauchy-muzej/

Хойникский краеведческий музей переехал в новое здание — восстановленный памятник архитектуры XIX — начала XX века

5 сентября в рамках проведения в Хойниках (Гомельская область) XVII Дня белорусской письменности в городском парке был открыт восстановленный памятник архитектуры эклектики XIX — начала XX века — комплекс "Усадебный дом", где разместилась постоянная экспозиция районного краеведческого музея и работы молодых художников, участников пленэра "Хойникщина современная".


С переездом Хойникского районного краеведческого музея в новое здание его площадь увеличилась более чем в три раза.


Как рассказал БелаПАН исполняющий обязанности директора музея Андрей Эсауленко, осенью прошлого года началось восстановление усадьбы, в которой размещался отдел образования райисполкома. По его словам, благодаря подготовке к проведению Дня белорусской письменности на реставрационные работы было выделено из бюджета примерно 300 млн. рублей. Вместе с филиалом — Домом-музеем народного писателя Беларуси Ивана Мележа в деревне Глинищи Хойникского района — учреждение располагает фондами, насчитывающими 1,6 тыс. письменных, изобразительных и вещевых реликвий. В новом здании музея площадью около 1 тыс. кв. м разместится экспозиция, выставочные залы, районная школа искусств, хранилище и служебные кабинеты.


Василий СЕМАШКО

Адрес в интернете: http://belapan.by/archive/2010/09/06/media_hoiniki_muzei_ph/


Папоўнім экспанатамі экспазіцыі!

У гарадскім парку культуры і адпачынку праводзіцца рэканструкцыя дома сядзібнага тыпу канца 19 – пачатку 20 стагоддзя. Да Дня беларускага пісьменства там плануецца рамясціць раённы краязнаўчы музей. З мэтай папаўнення яго экспазіцый звяртаюся да жыхароў раёна з просьбай аказаць пасільную дапамогу ў зборы экспанатаў, актыўна ўключыцца ў гэтую работу.

Гістарычную каштоўнасць уяўляюць графічныя работы, жывапіс, вырабы мастацкіх промыслаў, гістарычныя дакументы, аўтарскія рукапісы, старадрукаваныя выданні, прадметы археалогіі, манеты розных часоў, папяровыя грашовыя знакі, штампы, пячаткі, зброя, форменнае адзенне, народныя касцюмы, антыкварныя музычныя інструменты, прадметы з гісторыі тэхнікі, быту і этнаграфіі, фота- , кінафонадакументы.

Пры прадастаўленні найбольш каштоўных прадметаў магчыма аплата за экспанат.

За падрабязнай інфармацыяй звяртацца па тэл.: 2-11-05, 8 (025) 940-11-94.


Святлана ШЫПІЛАВА

Адрес в интернете: http://www.hoiniki.by/2010/04/papounim-ekspanatami-ekspazicyi/

Ведаць свае карані

У сувязі з правядзеннем Дня беларускага пісьменства ў Хойніках краязнаўчы музей набудзе другое жыццё. Ен размесціцца ў гарадскім парку культуры і адпачынку ў двухпавярховым сядзібным доме – помніку архітэктуры ХІХ ст. Значна павялічыцца не толькі яго экспазіцыйная плошча, але і колькасць экспанатаў. Будзе адкрыта выставачная зала. Перад тым, як убачыць будучае музея, вырашылі зазірнуць у яго мінулае, пазнаёміцца з яго сённяшнім.


КАЛЯ ВЫТОКАЎ СТВАРЭННЯ


Раённы краязнаўчы музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 25 лістапада 1982 года. Спачатку пад памяшканне была выдзелена былая кантора спартыўнага таварыства (сёння там размяшчаецца будынак царквы “Благодать”). Збор экспанатаў і афармленне экспазіцыі ажыццяўляліся сумесна з абласным краязнаўчым музеем. Весці работу на грамадскіх пачатках было даручана ветэрану вайны і працы Аляксандру Максімавічу Зелянкоўскаму.

У 1993 годзе краязнаўчы музей змяніў прапіску і па сённяшні дзень размяшчаецца ў будынку, у якім раней быў банк. Тады ж было прынята рашэнне райвыканкома аб устанаўленні штатных адзінак. А.М. Зелянкоўскі быў назначаны дырэктарам, М.С. Скрыпчанка – навуковым супрацоўнікам. Дзякуючы ім залы музея папоўніліся шматлікімі экспанатамі і былі па-новаму аформлены. У 1996 годзе ўстанову ўзначаліў М.С. Скрыпчанка, навуковым супрацоўнікам была Л.П. Прышчэпава.


ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА


У памяшканні, дзе зараз размешчаны раённы краязнаўчы музей, у час акупацыі раёна нямецка-фашысцкія захопнікі ў мураваным склепе катавалі, здзекваліся над людзьмі, дамагаючыся ў іх прызнанняў аб партызанах і тых людзях, хто супраць “новай” улады. Есць звесткі, што пад зямлёй паміж будынкам ДАІ (менавіта там у час вайны знаходзілася нямецкая камендатура) і краязнаўчым музеем быў пракладзены тунель.


МЕСЦА СУСТРЭЧЫ ЧАСОЎ


Краязнаўчы музей – месца, дзе сустракаюцца сучаснасць і мінулае. Рэха гістарычных падзей адгукваецца ў яго экспанатах. Прылады працы, рэчы хатняга ўжытку, розныя дакументы, унікальныя экспанаты расказваюць аб гісторыі малой радзімы, аб тым, як наш горад узнік і развіваўся. Тут можна даведацца аб гераічным мінулым, знакамітых земляках. Сёння асноўны фонд музея налічвае 1085 экспанатаў, навукова-дапаможны – 590. Экспанаты размяшчаюцца ў 7 залах: “Гісторыя горада і раёна ад 2-3 тысячагоддзя да нашай эры і да нашых дзён”, “Знакамітыя людзі нашага раёна”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Мастацтва і народныя промыслы”, “Сялянская хата”, “Прырода роднага краю”, “Зямлянка”.

Цесную сувязь работнікі музея наладзілі з навучальнымі ўстановамі, прамысловымі прадпрыемствамі, арганізацыямі раёна. Трывалае супрацоўніцтва ўсталявалася з калегамі з Дома-музея І.П. Мележа, які знаходзіцца ў аграгарадку Глінішча (з чэрвеня мінулага года ён з’яўляецца філіялам раённага краязнаўчага музея).

Штогод музей наведваюць больш за тысячу чалавек, у тым ліку госці з многіх куткоў нашай рэспублікі, а таксама турысты з блізкага і далёкага замежжа. Тут праходзяць экскурсіі, пазнавальныя лекцыі, гутаркі, урокі мужнасці, Дні памяці, сустрэчы з вядомымі людзьмі. Наведванне музея пакідае самыя добрыя ўражанні, аб чым сведчаць шматлікія ўдзячныя рознамоўныя запісы ў кнізе водгукаў.

Метадычныя матэрыялы музея выкарыстоўваюцца не толькі ў культурна-асветніцкіх мэтах, але і служаць каштоўнай крыніцай для навуковых даследаванняў нашага краю. Работнікі ўстановы займаюцца падборам матэрыялаў для напісання рэфератаў, доследных і курсавых работ.

Вялікі інтарэс уяўляюць выстаўкі, якія праходзяць у музеі. Ва ўсёй сваёй разнастайнасці тут дэманструюцца вырабы народна-прыкладнога мастацтва, работы фотамастакоў, жывапісцаў і пісьменнікаў. Летась усе жадаючыя мелі магчымасць наведаць 12 выставак.


ЗАХАВАЛЬНІКІ ГІСТОРЫІ


Музей – гэта люстэрка мінулага, а людзі, якія ў ім працуюць, захавальнікі каштоўнага адлюстравання. Яны аб’яднаны любімай справай, жаданнем, каб памяць аб мінулым жыла ў свядомасці не толькі старэйшага пакалення, але і іх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Маладыя, ініцыятыўныя, музейныя работнікі актыўна займаюцца зборам і пошукам экспанатаў, каб папоўніць экспазіцыі, якія размесцяцца ў залах сядзібнага дома. Карыстаючыся выпадкам, праз газету папрасілі падзякаваць тым, хто падтрымлівае матэрыяльна, прыносіць цікавыя гістарычныя звесткі, дзеліцца рарытэтамі. Гэта жыхары І. Сабадаш, Р. Каток, Л.Я. Жаўняк і Г.П. Кузьмін.

Дырэктар музея С.А. Шыпілава (на здымку) настойлівы, вытрыманы, тактоўны работнік, з трывалымі ведамі, сціплы і чулы чалавек. Святлана Алегаўна ўмее зацікавіць любога наведвальніка. Пачала працаваць у музеі ў 1999 годзе навуковым супрацоўнікам, а ў 2008 годзе назначана дырэктарам установы.
Галоўны захавальнік фонду А.Ю. Эсауленка (на здымку) сваю справу ведае дасканала, за яго плячыма дзесяцігадовы працоўны стаж. Матэрыялы і экспанаты, сабраныя краязнаўцам-энтузіястам, вельмі запатрабаваны. Невычэрпная энергія і бесперапынны пошук новых адкрыццяў вызначаюць Андрэя Юр’евіча. Нядаўна папоўніла калектыў навуковы супрацоўнік Марына Аляксандраўна Казлова. Падтрымлівае чысціню ў залах музея добразычлівая жанчына Наталля Васільеўна Афанасенка.

...Вельмі важна ведаць свае карані, не перапыняць сувязь пакаленняў, цаніць і берагчы тое, што ўдалося захаваць. Таму часцей заходзьце ў краязнаўчы музей, каб адчуць веліч мінулых часоў, падзей, спраў.


Наталля ЧЭКАН

Адрес в интернете: http://www.hoiniki.by/2010/03/vedac-svae-karani/