Перевести страницу

Статьи

Музей: ад драўлянага доміка да сядзібы

Ва ўсе часы захаванне падзей мінулага заставалася галоўнай задачай для гісторыка-культурнага асяроддзя.

Тым больш, калі ў нашай гісторыі ёсць пра што рассказаць, чым ганарыцца і што перадаць нашчадкам. Менавіта таму па ўсёй краіне дзейнічаюць хоць і невялічкія па Еўрапейскім маштабам, але такія дакладныя па храналагічным лініям «астраўкі» памяці і гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мастацкія галерэі, музеі рознай тэхнікі і гэтак далей.

Але, напэўна, шмат каго з жыхароў і гасцей раёна, якія час ад часу гуляюць па парку, міжволі наведвалі думкі, пра непаўторнае адчуванне атмасферы мінулага, што ўзнікае кожны раз, калі бачыш перад сабою будынак старой панскай сядзібы, у якім ужо дзесяты год дзейнічае краязнаўчы музей. Але сама гісторыя «скрыні» мінулага пачыналася не тут.

Рашэнне аб стварэнні ў Хойніках краязнаўчага музея было прынята кіраўніцтвам раёна ў пачатку 1981 года. Першым «прытулкам» будучага музея стала памяшканне былой канторы спартыўнага таварыства па вуліцы Савецкай.

На працягу некалькіх месяцаў ішла бесперапынная работа па афармленні экспазіцыі і збору экспанатаў. 25 лістапада 1982 года, на наступны дзень пасля чарговай гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Першым кіраўніком музея стаў чалавек, які ажыццявіў самы важны ўклад у яго стварэнне, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, мясцовы энтузіяст, гісторык і краязнаўца Аляксандр Максімавіч Зелянкоўскі.

Першыя дзесяць гадоў музей функцыянаваў на грамадскіх пачатках. З-за недахопу сродкаў цяжка было падтрымліваць музей у належным стане, экспазіцыя не папаўнялася.

У 1993 годзе было прынята рашэнне аб увядзенні дадатковых штатных адзінак і пераносе музея ў новае памяшканне з большай карыснай плошчай, якое знаходзілася праз дарогу ад старога, насупраць Дзяржаўтаінспекцыі. У дапамогу кіраўніку ў якасці навуковага супрацоўніка ў музей прыйшоў працаваць ветэран вайны, былы настаўнік Міхаіл Савельевіч Скрыпчанка, які стаў затым наступным дырэктарам.

2009 год

Падчас падрыхтоўкі да святкавання Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе ў Хойніках, было прынята рашэнне аб пераносе музея ў былы сядзібны дом памешчыкаў Аўраамавых (пабудаваны ў 1912 годзе), які размяшчаецца ў гарадскім парку. Яго сцены памятаюць многае. У часы нямецка-фашысцкай акупацыі там знаходзіўся ваенны шпіталь ворага, затым – дзіцячы прытулак, потым – раённы аддзел адукацыі.

Дзякуючы больш прыдатнаму для музейных спраў памяшканню, стала магчыма павялічыць штат работнікаў, а новае прыстанішча для абноўленай экспазіцыі з прасторнымі, выставачнымі заламі дазволіла не толькі больш зручна дэманстраваць гістарычныя артэфакты, але і ладзіць на працягу года розныя выставы, праводзіць тэматычныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы, пазнавальныя, адукацыйныя і святочна-забаўляльныя праграмы і гульні, у якіх удзельнічаюць дзеці і дарослыя, артысты і музыканты.

Зараз кожны наведвальнік мае магчымасць пазнаёміцца з багаццем і разнастайнасцю музейных экспанатаў, у фондах знаходзіцца больш за 3700 прадметаў. Сярод іх значную частку складаюць прадметы і матэрыялы аб гісторыі і культуры нашага краю, асаблівасцях мясцовай этнаграфіі, побыту, прыроды.

Асобнае месца ў музеі, як і асобнае «балючае» месца ў сэрцы кожнага беларуса, займае экспазіцыя музейнага сектару «Трагедыя Чарнобыля», аформленая ў канцы 2012 года, пасля рэарганізацыі аднайменнага музея ў аг. Судкова.

За апошнія гады часткова былі абноўлены і дапоўнены прадметамі і матэрыяламі амаль усе экспазіцыі музея: зала этнаграфіі і побыту, а таксама зала сучаснай гісторыі Хойнікшчыны, у якой з’явіліся матэрыялы аб вядомых земляках.

Алег ЗУБОК.

Нет комментариев

Добавить комментарий