Перевести страницу

Статьи

Соф’я Ліпніцкая: «Ганаруся, што ў Глінішчах нарадзіўся Іван Мележ»


Іван Паўлавіч Мележ – чалавек, які заўсёды будзе жыць у маім сэрцы. Напярэдадні 100-гадовага юбілею нахлынулі асаблівыя ўспаміны пра яго.


Я адзіная з Глінішч засталася сваячка, якая добра ведала самога Івана Мележа, яго бацькоў, сясцёр, братоў.


Вельмі многае ў аграгарадку нагадвае пра пісьменніка. Яго імя тут носяць музей, вуліца, школа, дзіцячы сад, сельгаспрадпрыемства.



Сваю трылогію «Палеская хроніка» Іван Паўлавіч прысвяціў сваім землякам, аднавяскоўцам, роднай зямлі. Я некалькі разоў перачытвала ўсе яго раманы, як там праўдзіва ўсё напісана! Там былі рэальныя героі. Гэта той жа Зайчык, які ўвесь час ганарыўся, што пішуць пра яго ў кнізе. Швачка Голда (у Глінішчах яе звалі Годля), якая шыла галоўнай гераіне Ганне кофту да вяселля (дарэчы, Годля і мне шыла сукенкі). Нездарма за гэту трылогію ён быў удастоены Ленінскай прэміі.


Сапраўднай данінай памяці з’яўляецца Дом-музей, які быў пабудаваны ў 1983 годзе нашым калгасам. Я тады працавала ў сельсавеце і ведала ўсіх тых, хто прыклаў намаганні, каб музей у нас з’явіўся. А ініцыятарам будаўніцтва стаў сакратар райкама партыі Георгій Карасевіч.



Пра Івана Паўлавіча можна гаварыць бясконца. Ён з першых дзён вайны аказаўся на фронце. У 1942 яго цяжка параніла, асколак бомбы трапіў у правае плячо. Рука была пашкоджана, урачы хацелі яе ампутаваць. Але знайшоўся вопытны хірург у Растове, які збярог руку. Іван Паўлавіч на працягу жыцця ўспамінаў хірурга па прозвішчу Антонаў. З таго часу пісьменнік – інвалід ІІ групы. Яго накіроўваюць у тыл у Навасібірск у 6-месячны водпуск. Ад аднаго лейтэнанта ён даведаўся, што ў Бугуруслане ёсць цэнтральнае бюро даведак, дзе знаходзяцца ўсе спісы эвакуіраваных у тыл. Сярод іх не было ні яго маці, ні бацькі. У тым спісе была мая маці. Мы з маці былі эвакуіраваны ў Тамбоўскую вобласць. У 6 гадоў я даведалася, што ў мяне ёсць дзядзька Іван.


Сябравала я з дзвюма яго сёстрамі – Тамарай і Любай. Адна на год старэй за мяне (мне зараз 85), другая маладзей на год. І я кожны дзень была ў іх дома. Бачыла, як дзядзька прыязджаў з жонкай Лідзіяй Якаўлеўнай, дачкой Людай, з пісьменнікамі, карэспандэнтамі.



Аднойчы да мяне прыбягае Тамара і кажа: «Пайшлі да нас, Іван хоча павезці нас у Мазыр». Ён тады купіў машыну «Волгу» і прыехаў да бацькоў. І вось мы ў Мазыры, каля маста на Прыпяці. І калі пад’ехалі, мост быў разведзены. Чакаць было доўга. Іван Мележ наняў лодачніка, які і перавёз нас на другі бок.


І вось яшчэ што памятаю. У 1976 годзе, на з’ездзе пісьменнікаў у Мінску выступаў наш зямляк. Ён тады адчуваў сябе вельмі кепска, але сабраўся і выступіў. Пасля Пётр Міронавіч Машэраў запрасіў Мележа пабачыць новае Палессе. Май месяц, якраз пасяўная. Як толькі падляцелі да Хойнік, у салон верталёта зайшоў адзін з пілотаў, ён звярнуўся да Івана Мележа, каб той паказаў вёску Глінішча, бо на карце яе не было. Верталёт прызямліўся на школьным стадыёне, збегліся аднавяскоўцы. Гэта была апошняя сустрэча сына палескай зямлі з землякамі. Праз тры месяцы Івана Паўлавіча не стала.



Я ў апошні раз сустрэлася з ім за месяц да смерці. Памятаю, як ён сядзеў на лавачцы, апусціўшы галаву. Было бачна, што яму дрэнна.


І калі да нас прыйшла звестка, што памёр народны пісьменнік Беларусі, наша дэлегацыя – я, яго сябар Міканор Яраш, ад райкама партыі Нона Сцяпанаўна, стрыечны брат Анікант паехалі ў Мінск, каб развітацца з Іванам Паўлавічам.


На другі дзень пасля смерці труна пісьменніка была ўстаноўлена ў Доме літаратараў. Правесці ў апошні шлях прыехалі таксама жонка, сёстры, прыйшо мноства мінчан, студэнтаў. На памінках прысутнічалі Пётр Машэраў і члены ўрада, прадстаўнікі 16 саюзных рэспублік.



Я ганаруся, што ў мяне быў такі славуты дзядзька, які гаварыў, што ў Глінішчах людзі ёсць, ды яшчэ якія, таленавітыя палешукі.


Пасля работы ў сельсавеце, 7 гадоў аддала справе захавання спадчыны Івана Мележа ў мясцовым музеі. Гэта былі цікавыя гады, якія прынеслі мне знаёмства з міністрамі, мэрамі гарадоў, замежнымі пісьменнікамі, генераламі, прафесарамі, дацэнтамі. Прыязджалі цэлыя дэлегацыі з Бельгіі, Італіі.


Вялікая падзея для мяне і ўсіх глінішчукоў – у музеі пабываў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, вітаўся са мною за руку. Ён быў уражаны расказамі аб Івану Мележу, прыемна здзівіўся сялянскай абстаноўцы, якая захавалася ў музеі, выказаў сваё меркаванне ў кнізе водгукаў.



Іван Паўлавіч быў светлай душы чалавек, які праславіў звычайную, амаль непрыкметную вёску Глінішча. Ганаруся, што ў нас нарадзіўся такі пісьменнік.


С. ЛІПНІЦКАЯ, жыхарка аграгарадка Глінішча.


Фота Вікторыі МАРОЗ.


Нет комментариев

Добавить комментарий