Перевести страницу

Новости

У музеі працуе выстава Глеба Отчыка

Аўтар, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, які асабіста завітаў на адкрыццё, тлумачыць, што ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на «да» і «пасля»…


Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей менавіта тая падзея, што парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую магчымасць вяртання ў бацькоўскую хату, якая ўвасабляе ідэал малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. Мастацтва «пасля» Чарнобыля, не толькі распавядае пра «разбуранае» выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх развагаў – пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць і самаахвярнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну…


Будучы мастаком, чалавекам які тонка адчувае навакольны свет, і да таго ж выхадцам з Гомельшчыны, што найбольш пацярпела ад радыеактыўнага забруджвання, Глеб Анатольевіч не мог не адгукнуцца на тэму Чарнобыльскай трагедыі. Серыя карцін, прадстаўленых у экспазіцыі, – гэта ўвасабленне шчымлівага болю па страчаным раі з будзённым, такім спакойным, светлым і звыклым жыццём людзей. Сюжэты жывапісных работ самыя розныя, але добра знаёмыя многім.


На іх – плот, паляніца дроў, дошачкі, так крапатліва складзеныя ў прыгожы ўзор на фасадзе вясковай хаты, вакно з драўлянай разьбяной ліштваю, вялікае кола ад возу. А побач – рака з нахіліўшымся над ёй дрэвам, конь на ранкавым лузе…


Усё гэта архетыпы і сімвалы звыклага сельскага побыту, хатняй утульнасці і простага чалавечага дабрабыту, але ў той жа час і скалечанай прыроды, зямлі атручанай радыяцыяй, зламанага жыццёвага ўкладу, трагедыі, з-за якой людзі ў мірны час, нібы з-за вайны вымушаныя былі пакідаць свае родныя мясціны. Жывапісныя палотны нагадваюць чорна-белыя кадры, злёгку размытыя і недакладныя, нібы ўспамін пра жыццёвыя падзеі тых, мінулых дзён, у якіх гучыць светлая надзея на тое, што ўсё калісьці вернецца…


Напрыканцы мастацкай імпрэзы Глеб Отчык шчыра і добразычліва пагутарыў з наведвальнікамі выставы, адказаўшы цікаўным на іх пытанні і падарыў музею адну са сваіх новых работ, а таксама маляўнічае выданне, прысвечанае творчасці выдатнага беларускага жывапісца Віталiя Цвірко.


Выстава будзе працаваць у музеі да 26 мая. Час працы – з 8.30 да 18.00. Запрашаем наведаць яе.


А. ЭСАУЛЕНКА, галоўны захавальнік фондаў раённага краязнаўчага музея.

Спасылка на артыкул: http://www.hoiniki.by/?p=63396